|
Вядома, што клады паміж сённяшнімі вуліцамі Чырвоназорнай, Казлова і Берасцянскай вядуць адлік ад 1840-х гадоў. Тады тут хавалі вайскоўцаў, памерлых у гарадскім шпіталі. Амаль да самага распаду Расійскай імперыі могілкі належалі вайсковаму ведамству. За Саветамі тут хавалі буйных грамадскіх, партыйных, культурных дзеячаў. Быццам, улады БССР нават збіраліся зрабіць з Вайсковых могілак пантэон дзяржаўных і нацыянальных герояў. Кажуць, было гэта ці то пасля смерці Сталіна, ці то ў познесавецкі час. Аднак легенда засталася легендай. Ад сярэдзіны 1950-х пахаванне ў цэнтры Мінска спынілі, а знакамітасцяў сталі хаваць на Ўсходніх могілках. Цагляная царква Аляксандра Неўскага была збудаваная ў 1898 годзе ў гонар перамогі расійскіх войскаў у руска-турэцкай вайне 1877-78 гадоў. Усярэдзіне бажніцы - пліты з выбітымі на іх імёнамі 118 беларусаў-ваяроў Каломенскага палку і артылерыйскай брыгады, якія загінулі на вайне. Непадалёк ад велічных надмагілляў афіцэраў Расійскага войска у 1920-х гадах з'явіўся помнік на магіле эсэра і тэрарыста Івана Пуліхава, які разам з Аляксандрай Ізмайловіч 27 студзеня 1906 года здзейсніў замах на мінскага губернатара Курлова, за што і быў пакараны смерцю. Побач з праваслаўнымі пахаваннямі позняй Расійскай імперыі сустракаюцца і каталіцкія. 7 чэрвеня 1927 года каля станцыі Ждановічы перавярнулася дрызіна, у якой ехаў другі чалавек у ГПУ БССР Іосіф Апанскі. Разам з кіроўцам Голубевым пры нявысветленых дагэтуль абставінах яны загінулі. Віну за аварыю ўсклалі на "контррэвалюцыю", а таксама на людзей, чые зямельныя надзелы прылягалі да чыгункі. Дзве сям'і выслалі ў Архангельскую вобласць. На пахаванні БССРаўскага часу наклала адбітак беларусізацыя. Ці не адзіны габрэйскі помнік, дзе ёсць надпіс на ідыш. Неад'емны складнік могілкавага відарысу. Дырэктар Інстытута геалогіі спачатку пры Інбелкульце, а потым пры БелАН Мікалай Бліядуха. “Хадзіла легенда, што гэты чалавек хацеў, каб Беларусь была незалежная, каб Беларусі ўсяго было даволі”, – прыгадваў знаны дзеяч эміграцыі Вітаўт Кіпель. Старшыня ЦВК і СНК БССР, нацыянал-бальшавік Аляксандр Чарвякоў быў "першым беларускім начальнікам", які звяртаўся да народа па-беларуску. Аднак помнік мужнаму чалавеку, які выбраў смерць заміж "здачы" паплечнікаў, паставілі па-расійску. Выбітны гісторык, першы прэзідэнт БелАН скончыў самагубствам 4 лютага 1931 пасля шэльмавання па справе міфічнага "Саюза вызвалення Беларусі". "У літаратурным куточку" могілак зусім побач помнікі паэтам Алесю Гурло, Паўлюку Трусу, класіку-празаіку Кузьму Чорнаму... ... і аўтару словаў гімна БССР "Мы беларусы" Міхасю Клімковічу. Гурло быў арыштаваны і высланы ў Расію па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Чорны прайшоў праз нялюдскія катаванні ў мінскай унутранай турме НКВД "амерыканцы". Клімковіч кіраваў Саюзам пісьменнікаў БССР у той час, калі ў малох рэпрэсій трапіла больш за 90% беларускіх літаратараў. Паблізу - магіла паэта, дзеяча заходнебеларускага нацыянальнага руху Валянціна Таўлая і... Адны з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра Уладзімір Крыловіч і Еўсцігней Міровіч. Шыльда на помніку першага аформлена з элементамі трасянкі: "...члену ЦИКа БССР Владзіміру Нікалаевічу КРЫЛОВІЧУ". Тут ляжыць аўтар беларускага гімна і "Песні пра Нёман" Несцер Сакалоўскі. Значную частку могілак займаюць пахаванні чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баях Другой сусветнай. Нямала тут і грамадзянскіх пахаванняў перыяду нямецкай акупацыі. Іван Кушнер быў настаяцелем царквы Аляксандра Неўскага падчас нацыстоўскай навалы. Прыхільнік беларусізацыі царквы, ён хаваў ад немцаў габрэйскіх дзяцей. Калі ў 1943-м святар падарваўся на міне, яго хавалі тысячы чалавек, дзесяткі царкоўнікаў. "1 ліпеня 1942 году адбывалася пахаваньне Купалавай маці Бянігны, - піша ў кнізе "Імёны свабоды" Уладзімір Арлоў. - (Як апавядаюць, яна праз усё жыццё шкадавала, што сын перайшоў у вершах з польскай мовы на беларускую.) Асвяціўшы свежы грудок на менскіх Вайсковых могілках, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі прароча прамовіў: “Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?” Ніхто ў акупаваным Менску яшчэ ня ведаў, што сын ужо таксама там, у нябеснай Беларусі: у той жа дзень у Маскве хавалі забітага Купалу". У ліпені 1962 года урна з прахам Янкі Купалы была перавезена з маскоўскіх Ваганькаўскіх могілак на мінскія Вайсковыя. Манументы народным песнярам Коласу і Купалу месцяцца на ўзгорку Вайсковых могілак. У жыцці класікі не былі сябрамі, і цяпер іх укамянелыя постаці глядзяць у розныя бакі. Для некага сяброўства ў КПСС было найвялікшым дасягненнем у жыцці. Такіх папярэджанняў на занядбаных магілах становіцца ўсё больш. Амерыканка Рут Уолер была жонкай апошняга кіраўніка беларускай місіі ЮННРА - Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у справе дапамогі і аднаўлення ў Мінску. Аднойчы ўлетку 1946-га яна кінулася ў возера ратаваць трох тонучых беларускіх хлопчыкаў, пасля чаго захварэла і памёрла. Супрацоўнікі амбасады ЗША штогод ушаноўваюць яе памяць. "Ахвярам землетрасення ў Арменіі ад Мінскага армянскага таварыства". Адно з новых пахаванняў. Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY
|